Быў чалавек бедны, не ме ні снасціны, ні скаціны, а дзецей меў шмат.
Прыйшла вясна, а яму няма чым гараць; людзі ідуць з сахою і скацінаю, а
ён ідзе з жалязніком. Устрачае ён дзве панны, а тые панны былі: адна —
Шчасце, а другая Няшчасце. Пытаюць яго: - Куды, чалавеча, ідзеш? Так ён кажа: - Панначкі маі, кралеўначкі! Мае такое няшчасце: людзі ідуць з скацінаю, а я з жалязніком; няма чым пражывіць дзяцей. Дак тые, адна з другою гаворачы, кажуць: - Надарым мы яго. Дак Шчасце кажа: - Калі твой, то ты яго і надары. Дак вынялі і далі яму дзесяць рублёу і сказалі: - Ідзі да хаты і купі сабе вала. Дак ён прышоў да хаты і тые гроши схаваў ў гаршок, дзе быў попел. Назаўтра прыйшла да яго суседка, кума багатая, дый кажа: - Чы няма ў вас попелу, бо мае палотна вельмі рудые? -
Вазьмі сабе, вот у гарнушку стаіць, — сказала беднага чалавека жонка.
Мужык, каторага не было дома, стаў аглядацца і ніяк не ўбачыў гаршка з
попелам дый стаў на жонку крычаць: - Куды дзела грошы з гаршком?
Жонка зачала бажыцца, што не ведала, што там былі грошы, і сказала, што
гаршок узяла суседка кума. А после мужык пашоў да кумы і стаў прасіць,
каб аддала грошы. Яна каже, што я не бачыла іх у цябе нікалі. Мужык
пайшоў да пана, і там не знайшоў справы; бо пан сказаў, што ты грошай
нікалі ня меў, а хочэш толькі ў яе адабраць. Так грошы мужыка прапалі. Плакаў
ён, плакаў, дый ізноў ідзе з жалязніком, аж устрачае тые дзве панны. Ён
іх не пазнаў, а яны яго пазналі. А после пытаюць таксама, як упярод; ён
ім таксама адказаў, як упярод, і яны далі яму дваццать рублёў. Мужык
зноў прыйшоўшы дадому, схаваў грошы ў гумне ў патруху. Назаўтра прыйшла
тая самая кума і зачала прасіць патрухі для цялят, і жонка беднага
мужыка зноў дала патруху, бо ня ведала, што там грошы. Мужык, прыйшоўшы
да дому, пайшоў ў гумно выняць грошы і зноў не знайшоў. Прыйшоў ў хату і
стаў сворыцца на жонку, куды дзела грошы з патрухаю? Жонка сказала, што
кума прыходзіла і забрала патруху. Дак той мужык таксама, як упярод,
хадзіў да кумы і да пана, але нідзе не знайшоў справы: ўсе казалі, што у
цябе нікалі грошей не было. Мужык паплакаў дый ізноў ідзе і спатыкае тые самые панны, і яны далі яму толькі два грашы і сказалі: - Ідзі да рэчкі Нёмна, там будуць лавіць рыбу дый ніяк не зловяць. Ты папрасі, каб на тваё шчасце закінулі.
Ён так і зрабіў; пайшоў да Нёмна і папрасіў, каб на яго шчасце
закінулі. Як закінулі, дак там многа выцягнулі рыбы, што недзе было
дзець. Рыбакі запыталіся: - Колькі бы табе даць за гэта? Ён
кажа, што прадайце мне за два грашы. Яны прадалі адну рыбку за два
грашы, а другую далі яму дарам. Мужык, узяўшы тые рыбкі, пайшоў да дому і
аддаў жонцы, каб зварыла. Жонка вельмі была рада з дзецьмі з тых рыбак і
не варыла, а палажыла так. Аж ехаў адзін пан цераз тое сяло; той мужык
пайшоў адчыніць варота і зачаў смяяцца, а пан запытаўся: - Чаго ты смяесся?
І ён сказаў, што ў мяне ёсць такая рыбка: хто на рыбку гляне, то кажны
смяецца. Таму пану вельмі захацелося рыбкі і за тую рыбку даў мўжыку
пару валоў, пару коней і толькі збожа, колькі мужык хацеў. Ітак мужык
знайшоў сваё шчасце ў двух грашах.