Быў сабе круль з крулёвай, і мелі адну дачку вельмі харошую, і да яе
сваталіся дванаццаць кавалераў, а тые кавалеры былі ўсе разбойнікі. Тые
разбойнікі прасілі, каб калі-небудзь яна да іх прыйшла багата ўбранная.
Аднаго разу, без ведама айца, яна сабралася дый пашла па той дарозе, па
якой яны ёй наказалі. Ідзе яна дак ідзе лесам, аж у лесе стаіць палац.
Вайшла ў той палац, аж у першай хаце стаяць бочкі з кровёй чалавечай, у
другой хаце ўсё чалавечые голавы, ногі, рукі, у трэцяй ўсё тулубы
чалавечые, у чацвёртай самые боты і чаравікі, у пятай адзеннё суконнае і
матэрыі, у шостай і у сёмай срэбро і брыльянты, а восьмая — тая хата,
гдзе жылі разбойнікі. Хадзіла яна, хадзіла па ўсех пакоях, і як
пачула9 стук — схавалася пад ложко. Сядзіць яна там аж ўходзяць тые
дванаццаць разбойнікаў і прыводзяць с сабою неякую вельмі харошую і
багатую панну: ўзялі яну разабралі дагала, палажылі на калодку і
зарэзалі, а после зачалі знімаць персцёнкі з рук, і з аднаго пальца ніяк
не маглі зняць. Адзін кажа, што аддайце мне гэты персцёнак. -
Добра! — казалі ўсе. Ён узяў сакеру і як рубнуў, дак палец з персцёнкам
паляцеў пад тое ложко, гдзе сядзела кралеўна. Разбойнік палез пад ложко
шукаць персцёнка; але як было цёмна, то не знайшоў персцёнка і адлажыў
да заўтра. Кралеўне аж млосно зрабилася са страху, бо яна чула ўсю
іх гутарку. Яны гаварылі, каб як-небудзь звясці кралеўну да сябе
ўбранную і после забіць. Доўго гулялі, пілі, елі разбойнікі, а як
падышла поўнач, дак ўсе парасходзілісе: адзін пашоў у лес, другі пашоў
на гасцінец, трэці на другі гасцінец, а рэшта парасходзілісь ў усе
стороны. Кралеўна, як яны павыходзілі, вылязла з-пад ложка дый пайшла
проста дадому. Прыйшоўшы дадому, яна нічого нікому не казала, што
бачыла, і лягла спакойна спаць. На другі дзень рана расказала
кралеўна аб усём свайму бацьку, і ён, канечна, захацеў іх палавіць. Аж
таго самаго дня прыежджаюць усе тые разбойнікі на абед да караля. Доўго
сядзелі тые разбойнікі, а после сталі абедаць. Як толькі зачалі есці,
кралеўна зачала так расказваць: - Мне снілася сягодня, што пашла да
вас ў госьці. Ішла я дак ішла той дарогай, якой вы мне наказалі, аж
стаіць палац; ўхаджу я ў той палац, аж у першай хаце стаяць бочкі з
кровёй чалавечай, у другой хаце голавы, ногі, рукі, у трэцім пакоі
тулубы чалавечые, у чацвёртым пакоі самые боты і чаравікі, у пятым пакоі
адзеннё суконнае і матэрыі, у шостым пакоі самае срэбро і брыльянты. А
после пачула стук і схавалася пад ложко. Сядзела я там, сядзела, аж
ўходзяць дванаццаць мущын і прывялі з сабою адну вельмі харошую і
багатую панну; палажылі яну на калодку і зарэзалі. После пазнімалі
персцёнкі з рук, але аднаго персцёнка ніяк не маглі зняць. Дак адзін
разбойнік кажэ: аддайце мне гэты персцёнак, я яго зніму. Яны аддалі той
персцёнак, і ён адрубаў яго з пальцам; але той палец паляцеў пад тое
ложко, гдзе я сядзела. Калі гэта расказвала кралеўна, разбойнікі ўсе
пачырванелі і дагадаліся, што кралеўна была ў іх і ўсё бачыла. После
кралеўна выняла персцёнак з пальцам з кішэні і сказала: - Гэта, што я гаварыла, мне не снілося, але было праўда!
Тые разбойнікі, бачучы, што будзе кепско, з-за стала дый у ногі праз
окна; але там сядзелі прыгатаваные людзі, каторые іх усіх палавілі,
павязалі і прывялі да караля. Кароль зараз казаў прыгатаваць железные
бораны ўсіх дванаццаць разбойникаў парасцягаць; а кралеўну аддаў замуж
за аднаго вялікаго кралевіча. Вяселля было гучнае, а па вяселлі паехалі
да таго палацу, гдзе жылі разбойнікі, і пазабіралі ўсё багацтва і,
прыехаўшы назад, далі бал, на каторым і я быў, мед-піво піў, па барадзе
цякло, ў роце не было.